28 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце 28 красавіка стартаваў міжнародны форум дзелавых кантактаў "Першы рэгіён - тэрыторыя поспеху". Яго мэты - умацаваць адносіны з партнёрамі і знайсці новых, наладзіць цесныя сувязі з краінамі далёкай дугі і Афрыкі. Аб гэтым у размове з карэспандэнтам БЕЛТА расказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык.
"Робім вялікую стаўку на форум. Мы добра працуем па экспарце. Назіраем рост як у афрыканскія краіны, так і ў краіны далёкай дугі. Але мы не спыняемся на дасягнутым, хацелася б знайсці новыя рэперныя кропкі росту на перспектыву", - сказаў Пётр Пархомчык.
Дзелавая праграма форуму ахоплівае ключавыя сферы эканомікі і сацыяльнага развіцця. У ім прымаюць удзел больш як 100 прадстаўнікоў розных краін Азіі, Афрыкі, Еўропы: афіцыйныя асобы, дзелавыя колы, дыпламаты.
"Добрыя адносіны складваюцца з Зімбабвэ, вялікая дэлегацыя прыбыла. Трэба зрабіць каналы сістэмнымі з краінамі Афрыкі. Алжыр, Егіпет, Нігерыя - адпрацоўваюцца пэўныя кантракты, і будзе пастаўляцца наша прадукцыя. Афрыканскія краіны асцярожныя, яны не робяць хуткіх крокаў. З Афрыкай трэба мець жалезнае цярпенне і жаданне стаць пастаянным кліентам, пастаўшчыком сваёй прадукцыі", - выказаў меркаванне старшыня Брэсцкага аблвыканкама. У прыватнасці, за мінулыя пяць гадоў экспарт тавараў Брэсцкай вобласці ў краіны Афрыканскага кантынента вырас на 41,5 працэнта, за 2025 год - на 34 працэнты. У бягучым годзе тэмпы ўзраслі ў разы.
"У нас прысутнічаюць і прадстаўнікі еўрапейскіх краін, з якімі будзем абмяркоўваць пытанні нашых узаемаадносін. Вельмі важны аргумент, што да нас едуць, вядуць перагаворы і гатовы прымаць нашу прадукцыю", - падкрэсліў Пётр Пархомчык.
У час форуму адзін з акцэнтаў зроблены на сферу турызму. "Мы гатовы прапанаваць добрыя ўмовы для адпачынку, можна пазнаёміцца з нашым жыццём, культурай і традыцыямі Брэсцкай вобласці. У нас ёсць такія культавыя месцы, як Белавежская пушча, унесеная ў спіс ЮНЕСКА, легендарны мемарыял "Брэсцкая крэпасць-герой". Разлічваем, што колькасць турыстаў павінна павялічыцца. Хоць кожны год бачым рост, але імкнёмся да павелічэння патоку з розных краін", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
Міжнародны форум дзелавых кантактаў праходзіць у Брэсце 28-29 красавіка. У час мерапрыемства адбудуцца прэзентацыі, абмеркаванні стратэгій супрацоўніцтва, будуць падпісаны пагадненні і кантракты. Удзельнікі размяркуюцца па групах для работы па секцыях. Першая з іх датычыцца прамысловасці, знешняга гандлю і лагістыкі. У прыватнасці, будзе прэзентаваны патэнцыял Брэста, Баранавіч, Пінска, свабоднай эканамічнай зоны "Брэст", лагістычных магчымасцей Брэсцкай вобласці. Другая секцыя прысвечана турызму, трэцяя - ахове здароўя, адукацыі, навуцы і спорту. Правядзенне кантактна-кааперацыйнай біржы дасць магчымасць удзельнікам правесці серыю адрасных двухбаковых сустрэч. Прадугледжаны выязныя мерапрыемствы, наведванне тэматычных выставак.-0-